Беларуская культура ў эміграцыі
Будзем шчырымі — беларуская культура — гэта культура меншасці, што нясе боль тых, хто выжыў пасля сотняў гадоў ганенняў, прыгнёту, знішчэння і эміграцыі. Культура надзеі. Культура пратэсту. Культура людзей, якія цэняць свабоду. Культура андэграўнда.
На жаль, за доўгія гады акупацыі мы амаль страцілі свае карані: мову, традыцыі, менталітэт. Замест іх мы атрымалі расейскую мову акупантаў, савецкія традыцыі і менталітэт пакорлівасці і памяркоўнасці. Але ў цяжкія часы зерне беларускасці зноў узыходзіць у нас, і жаданне вярнуць страчанае пачынае выходзіць вонкі. І надыходзіць момант, калі хаваць унутранага беларуса ўжо няма магчымасці.
Пераход на беларускую мову падобны да камінг-аўту. Людзі праходзяць праз цяжкасці прыняцця, хвалі неразумення і страху: ад іх адпісваюцца ці спыняюць зносіны некаторыя “сябры” і сваякі, бо лічаць іх нейкімі фрыкамі ці непаўнацэннымі. Часам здаецца, што на цябе глядзяць, як на вымерлага дыназаўра, калі ты пачынаеш размаўляць па-беларуску ў людным месцы. Прычым некаторыя людзі ставяцца да нас як да коцікаў-дыназаўраў: “Ой, якія смешныя. Ой, якія мілыя”. А некаторыя не хаваюць нянавісці: “Фашысты, псіхі, лячыць вас трэба”. Астатнія ж глядзяць нейтральна, баяцца паказаць сваю падтрымку, каб іх таксама не палічылі гэтымі амаль вымерлымі істотамі, якія называюць сябе беларусамі.
Але, што ні кажы, людзей, якія перайшлі на беларускую, трэба паважаць за смеласць, стойкасць і вернасць сваім поглядам. Іх нават баіцца ўлада, бо яны паказваюць, што можа зрабіць меншасць, калі яна аб’яднаная агульнай мэтай адраджэння. Паглядзіце, як корчыцца ў грымасах дзяржаўная прапаганда, калі на плошчу выходзіць тысяча чалавек з дзесяцімільённай краіны. А што пачалося, калі на плошчы выйшлі сотні тысяч, аб’яднаных толькі сцягам і жаданнем пераменаў. Ніхто тады не казаў пра мову, пра адраджэнне нацыі. Але ў выніку гвалту, які ўчыніла ўлада, мы сталі бліжэй да адраджэння, бо ўжо зараз тысячы беларусаў перайшлі на родную мову і паказалі, што мы — нацыя.
Але, на жаль, мы — нацыя ў эміграцыі, якая з цягам часу становіцца ўсё далей ад Беларусі, яе людзей і праблем. Адзінае, што нас па-ранейшаму звязвае, — гэта культура. Але розніца становіцца ўсё большай, бо на нашу Радзіму зноў накінулі пятлю расійскай акупацыі і прапаганды. І выйсцем можа быць толькі адно — мяккая прапаганда беларускасці: мовы, культуры, нацыянальнай ідэі адраджэння.
Мы павінны ствараць кантэнт, актуальны для Беларусі: друкаваць кнігі, ствараць музыку, фільмы, тэатральныя пастаноўкі, распрацоўваць праграмнае забеспячэнне. У час, калі на нашай Радзіме перапісваюць беларускую гісторыю, знішчаюць кнігі, забараняюць песні, мы павінны зрабіць усё, каб тая частка культуры, што знікае ў Беларусі, адраджалася за мяжой. Мы ў эміграцыі павінны паказаць, чаго пазбавілася наша краіна, выкінуўшы нас вонкі. І тым самым мы наблізім час, калі перамены ў краіне заклічуць нас вярнуцца.
Так, гэта ўсё выглядае вельмі рамантычна, ідэалістычна і не гарантуе вынікаў. Але гэта створыць падмурак для таго, каб наша культура працягвала існаваць, нават калі краіна адмовіцца ад яе.

Комментарии
Отправить комментарий